УЗРО́ЎНІ МО́ВЫ,
1) метамоўная катэгорыя-тэрмін для агульнага, зыходнага апісання ўнутр. структуры сістэмы мовы (узроўні лінгвістычнага аналізу).
2) Іерархічна суаднесеныя падсістэмы агульнай сістэмы мовы, кожная з якіх характарызуецца пэўнай сукупнасцю ізафункцыянальных адзінак, правіл іх размеркавання па класах і падкласах на прынцыпах апазіцыі (проціпастаўлення) і тоеснасці, а таксама правіл іх выкарыстання для пабудовы адзінак больш высокага ўзроўню (узроўні моўнай сістэмы). Традыцыйна ў сістэме мовы вылучаюць 4 узроўні: фаналагічны, марфал., лексічны і сінтакс., і адпаведна 4 тыпы адзінак: фанемы, марфемы (будуюцца з фанем), лексемы (складаюцца з марфем) і сінтаксемы (утвараюцца лексемамі). На падставе аднабаковасці/двухбаковасці ўзроўневыя адзінкі падзяляюцца на т.зв. фігуры — аднабаковыя адзінкі, што не нясуць значэнняў і маюць толькі план выражэння (фанемы), і знакі — двухбаковыя адзінкі, што маюць план выражэння і план зместу, г.зн. перадаюць пэўныя значэнні (марфемы, лексемы, сінтаксемы). Пры канкрэтным увасабленні 4 узроўневых тыпаў адзінак іх аднароднасць можа парушацца. Напр., сэнсаадрознівальную функцыю можа выконваць не толькі фанема, але і склад; простыя марфемы аказваюцца побач са складанымі, з асновай слова; слова аказваецца побач з неаднаслоўным фразеалагізмам; сінтаксема ўвасабляецца ў розныя мадэлі сказа-выказвання, які можа будавацца і з аднаго непаўназначнага слова. Грунтуючыся на неаднароднасці рэалізацыі ўзроўневых адзінак, некат. лінгвісты вылучаюць дадатковыя, прамежкавыя ўзроўні (напр., узровень службовых элементаў).
У лінгвістыцы ідэя ўзроўневай арганізацыі мовы і яе пашырэнне з сярэдзіны 1920-х г. падрыхтавана, з аднаго боку, традыцыяй выдзялення ў апісаннях моў фанетыкі, марфалогіі, лексікі і сінтаксісу; з другога — агульнанавук. ўяўленнямі пра ўзроўневую арганізацыю складаных сістэм, у прыватнасці, у біялогіі.
Літ.:
Маслов Ю.С. Об основных и промежуточных ярусах в структуре языка // Вопр. языкознания. 1968. № 4;
Солнцев В.М. О понятии уровня языковой системы // Там жа. 1972. №3;
Бенвенист Э. Уровни лингвистического анализа // Бенвенист Э. Общая лингвистика: Пер. с фр. М., 1974.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)